Вясна ў Панямонні — Всё о культуре Беларуси: новости, афиша, каталог заведений

Источник: eventr.ru | 01.05.2014 20:47

Калі арганізатар суполкі “Абуджэнне”, уздзенскі жывапісец Андрэй Лычкоўскі,  планаваў чарговую выставу ў Лідскім гісторыка-мастацкім музеі,  ён нават не мог уявіць, наколькі, сапраўды, цудоўная і сучасная там экспазіцыйная зала і наколькі зычлівыя, культурна адукаваныя людзі там жывуць і працуюць.  Мастакоў з вялікай павагай і зацікаўленасцю сустрэлі супрацоўнікі музея, прадстаўнікі гарадской ўлады.

Кіраўнік выставовай залы, выпускніца Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, мастацтвазнаўца Таццяна Нікіфарава праявіла сябе вельмі чуйным куратарам у падтрымцы новых творчых імёнаў, пагадзіўшыся на мастацкі праект “Абуджэнне” з удзелам мастакоў Гродна, Мінска і Узды. 

 Ядро аднайменнай суполкі складаюць два мастака і мастацтвазнавец. А пры неабходнасці колькасць удзельнікаў вырастае ў залежнасці ад мэт і задач той ці іншай перасоўнай выставы. Як тлумачыць гэту практыку А.Лычкоўскі, мабільнасць, аператыўнасць і агульнае паразуменне – ідэальны рухавік невялікай суполкі аднадумцаў.   

Выстава ў вялікай і выдатна прыстасаванай для экспазіцыйнай дзейнасці зале шчыльна аб’яднала творы ў розных відах мастацтва: жывапіс, графіка, скульптура, тэкстыль. Кожны з аўтараў меў доўгачаканую магчымасць экспанаваць столькі твораў,  колькі  ён  толькі  мог  пажадаць убачыць на выставе. У іншых,  напрыклад  сталічных  галерэях,  кожны  экспазіцыйны метр лічыцца каштоўным і дэфіцытным, што называецца “на вагу золата”. 

У Лідзе ў экспазіцыі адчувалася неабмежаваная свабода і творчы прастор для сузірання і абмеркавання твораў.  Андрэй Лычкоўскі прадэманстраваў у поўнай меры  свае жывапісныя эксперыменты ў рэчышчы імпульсіўнага, эмацыянальна насычанага пейзажа.  Яго  творы   з’яўляюцца  прыкладам  смелай і натхнёнай працы з натуры. Кожны непрыкметны куток беларускай прыроды пад яго пэндзалем нібы ажывае і пачынае прамяніцца сонцам і свежым подыхам роднай зямлі. 

У Фёдара Ладуцькі, вядомага  дызайнера-экспазіцыянера музейных збораў, апошнім часам праявіўся нязвыклы талент майстра пастэльных пейзажаў.  Кожны яго сціплы накід з натуры неўзабаве трансфармуецца ў абагулены вобраз прыродных стыхій, якія зберагаюць наш арганічны лад жыцця, захоўваюць сувязь усіх пакаленняў, што пакінулі на ёй адбітак сваёй сузідальнай дзейнасці.  Яго азёрная серыя  (назвы дапісаць, запытаўшыся ў Ладуцькі ) падаецца зваротам да першабытнай чысціні, якой ужо нам не стае ў сучаснай мегаполіснай мітусні. 

Эдуард Астаф’еў, можна сказаць, ужо класік беларускай скульптуры, таксама ахвотна далучыўся да праекта, каб паказаць лідчанам серыю сваіх невялікіх бронзавых статуэтак на самыя розныя алегарычныя і сучасныя пабытовыя тэмы: “Добры настрой”, “Пладароддзе”, “Лазня” і інш. Аўтар выдатнага помніка Ф.Скарыне ў Празе (2007 г.) прадэманстраваў высокае валоданне класічнай выяўленчай формай і светлым пачуццём гумару ў самых камерных скульптурных вобразах, якія можна з поспехам далучаць да перасоўных праектаў. А наяўнасць скульптуры заўсёды надае экспазіцыі вельмі значны і грунтоўны характар.  

Самы малады ўдзельнік экспазіцыі Уладзімір  Сайко  – студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.  Менавіта, у дэмакратычна-супольным характары праекта і праяўляецца магчымасць выставіцца маладым творцам, а гледачам адкрыць новае імя з разлікам на яго будучае развіццё. У. Сайко выставіў больш за трыццаць твораў. Гэта, амаль, невялікая персанальная выстава. Сярод яго новых прац увагу звярнулі такія жывапісныя кампазіцыі як “Беларускія атланты”, “Юнацтва Прадславы (Ефрасінні Полацкай)”  і  інш.

Марына Эльяшэвіч, маладая  выпускніца  Беларускай  дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, паспяхова даследуе метады традыцыйнага усходняга жывапісу тушшу на шоўку і паперы. Яна падзялілася з гледачамі сваімі новымі арыгінальнымі вынікамі творчых эксперыментаў у анімалістычным і партрэтным жанрах. Неабходна падкрэсліць, што М.Эльяшэвіч ніколі не паўтарае ўсходніх першаўзораў, а стварае свой вобразны свет, што вельмі ўражвае кітайскіх экспертаў традыцыйнай культуры, якія ўжо надалі ёй званне майстра і падаравалі адмысловую імянную пячатку для аўтарскай маркіроўкі твораў. Лідскія аматары мастацтва таксама з цікавасцю аднесліся да новага стылю мастацтва, аўтар якога не спыняецца ў сваім творчым развіцці.

Шматлікія ўзоры выяўленчага мастацтва на выставе ўдала дапаўнялі текстыльныя кампазіцыі: набіваныя пано, маляваныя дываны і габелены. Алена Шунейка, вядомая гродзенская габеленшчыца, прадэманстравала валоданне унікальнай тэхнікай дзвухкаляровага падвойнага ткацтва, пры дапамозе якой яна выканала кампазіцыі, прысвечаныя гісторіі Панямоння. Сярод іх — “Гарадзенскія замкі Стэфана Баторыя і Станіслава Аўгуста Панятоўскага”, “Фарны касцёл Вітаўта” і інш.  Тэхніку гэту мастачка вывучала ў старэйшых майстрых Гродзеншчыны, а цяпер сама дапамагае маладым тэкстыльшчыцам яе  засвайваць і адраджаць.

          Мара  пра вялікую і значную экспазіцыю здзейснілася. Ліда стала яскравай творчай кропкай на неабмежаваным шляху перасоўных выстаў перасоўнікаў-абуджэнцаў нашага мастацкага жыцця. Але ў гэты слаўны горад, гісторыю якога зберагае славуты сярэднявечны замак, а сучасную культуру прапагандуе буйны мастацкі асяродак, яны абавязкова вернуцца з новымі творчымі здабыткамі і ідэямі.

Яўген Шунейка, кандыдат мастацтвазнаўства, прафесар  Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў, член Беларускага саюза мастакоў  

putivod_2-4015929