Фестываль дзіцячых тэатраў “Вясёлая лесвічка” — Всё о культуре Беларуси: новости, афиша, каталог заведений

Источник: eventr.ru | 17.04.2013 15:59

Дзяржаўны музей гісторыі тэатральнай і музычнай культуры Рэспублікі Беларусь запрашае 24 красавіка а 12-ай гадзіне на фестываль дзіцячых тэатраў “Вясёлая лесвічка”

У гэтым годзе ўпершыню на базе музея праводзіцца фестываль дзіцячых  самадзейных тэатральных калектываў пад назвай “Вясёлая лесвічка”. У фестывалі будуць удзельнічаць выхаванцы тэатральных гурткоў сталічных школ і гімназій.

Тэатральныя калектывы па чарзе прадставяць свае спектаклі працягласцю не больш, чым 25 хвілін. Тэматыка фестываля неабмежаваная, але найбольш вітаюцца вясёлыя, жыццясцвяржальныя п’есы з пазітыўным гучаннем.

На фестываль будуць запрошаны вядомыя беларускія артысты, якія падзеляцца з маладымі тэатраламі сваім вопытам працы на прафесіянальнай сцэне. Кожны тэатральны калектыў атрымае салодкі прыз і пасведчанне ўдзельніка фестываля.

Спадзяёмся, што “Вясёлая лесвічка” стане добрай прыступкай маленькім артыстам для ўзыходжання на вялікую сцэну.

Мінск, Музычны зав., 5.

тэл. для даведак: 220 26 67.