Источник: eventr.ru | 11.03.2015 15:16
12 сакавіка 2015 г. а 16-й гадзіне ў Музеі кнігі Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (пр. Незалежнасці, 116, 3-ці паверх) адбудзецца адкрыццё выстаўкі «З друкарні пана Марціна Кухты», прысвечанай 140-годдзю з дня нараджэння аднаго з самых адметных друкароў беларускай кнігі пачатку ХХ ст.
Марцін Кухта – друкар, выдавец кніг на беларускай, літоўскай, польскай і рускай мовах. У 1906 г. Марцін Кухта заснаваў у Вільні друкарню з правам выпускаць кнігі, газеты і часопісы на еўрапейскіх мовах, якая праіснавала да 1918 г. Да Першай сусветнай вайны гэта была адна з буйнейшых віленскіх друкарняў, з якой супрацоўнічалі такія беларускія выдавецкія суполкі, як «Наша Ніва», «Наша Хата», «Палачанін», «Беларускае выдавецкае таварыства». Вядома не менш за 60 кніжных выданняў на беларускай мове, якія надрукаваў Марцін Кухта ў 1906–1915 гг. З яго друкарні выйшаў і знакаміты «Вянок», адзінае прыжыццёвае выданне М. Багдановіча, пра якое паэт напісаў у апошнія хвіліны свайго жыцця: «…Я не самотны, я кнігу маю з друкарні пана Марціна Кухты».
Друкар выпускаў выданні на польскай мове, а таксама значную колькасць літоўскіх кніг, брашур, перыядычных выданняў (газеты «Balsas», «Lietuvis», «Lietuvos aidas», «Lietuvos žinios», «Viltis» і часопісы «Garsas», «Lietuvių tauta», «Šviesa» і інш.).
На выстаўцы экспануюцца віленскія выданні пачатку ХХ ст., надрукаваныя Марцінам Кухтай кірыліцай і лацінкай, з фонду Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Сярод іх арыгіналы першых нумароў «Нашай Нівы», «Беларускага календара» (1910–1914), зборнік М. Багдановіча «Вянок» з аўтографам аўтара (1913), выданні твораўЯ.Коласа «Родныя з’явы» (1914), Я. Купалы «А хто там ідзе?» (1910), К. Буйло «Курганная кветка» (1914), М. Гарэцкага «Рунь» (1914), беларускія падручнікі «Pieršajačytanka: knižycadlabiełaruskichdzietakdzielanawukičytańnia» (1916), «Siejbit: druhaja, paślałementara, čytankadlapačatkowychškoł» (1918), Б. Тарашкевіча «Беларуская граматыка для школ» (1918), В. Ластоўскага «Кароткая гісторыя Беларусі» (1910) і інш.
Выстаўка будзе працаваць па 26 красавіка 2015 г.
Тэл. для даведак: (8 017) 293 27 56, 293 27 22
Е-mail: pr@nlb.by